КАМАРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён сярэдзіны бронзавага веку (15—12 ст. да н.э.), якія жылі ў вярхоўях Днястра, Паўд. Буга, Стыра, Гарыні (тэр. зах. Украіны і паўд. Беларусі). Назва ад могільніка каля с. Камарова Івана-Франкоўскай вобл. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на селішчах у зямлянках, карысталася крамянёвымі прыладамі працы і зброяй, керамічным ляпным посудам, бронзавымі і залатымі ўпрыгожаннямі. Нябожчыкаў хавалі ў каменных скрынях або спальвалі. Пахаванні ў групавых магілах, часам у курганах. К.к. ўваходзіць у зону тшцінецка-камароўскай этнакультурнай вобласці.
У.І.Ісаенка.
т. 7, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)